Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Першы пэрыод у вывучэньні скарынінскага пытаньня быў злучаны з знаходкай у бібліотэках і кнігазборах скарынінскіх выданьняў. Гэта вымушала дасьледчыкаў у сваіх працах датыкацца дзейнасьці Скарыны як друкара і перакладчыка, а ў сувязі з гэтым таксама закранаць і іншыя пытаньні, беспасрэдна зьвязаныя з перакладчай дзейнасьцю Скарыны.

Інтарэс да Скарыны зьявіўся толькі з паловы 70-х гадоў XVIII сталецьця, дзякуючы таму, што бібліотэкар Акадэміі Навук Бакмэйстэр знайшоў у бібліотэцы Акадэміі некалькі скарынінскіх выданьняў[1]. Гэта дало яму падставу зрабіць некаторыя ўвагі, якія пры гэтым часта розьніліся адна ад аднэй. Бакмэйстэр, аддаўшы Скарыне некалькі старонак, адразу-ж паставіў шэраг пытаньняў паршараднае важнасьці, датычных скарынінскага пытаньня з розных пунктаў пагляду. Натуральна, з прычыны адсутнасьці дакладных станоўчых даных, увагі Бакмэйстэра былі вельмі спрэчнымі. Так, Бакмэйстэр, натрапіўшы ў бібліотэцы Акадэміі на Пяцікніжжа Майсея, даў няверныя весткі адносна перакладу чатырох кніг Параліпомэнон. Бакмэйстэр ведае таксама і аб выданьні ў Вільні «Апостала», хаця дату яго выданьня адносіць да 1517 году замест 1525.

Знаходка ў бібліотэцы былага Міністэрства Замежных Спраў новых кніг Скарыны: 4-х кніг «Царстваў», «Юдыты», «Эстэр», «Руфь», «Іова» і «Данііла», дала Штрытэру повад выказаць некалькі думак адносна Скарыны. Штрытэр зьвярнуў увагу на прадмовы Скарыны, пераказаў іх, і разам з тым закрануў шэраг пытаньняў, якія мелі адносіны да выданьняў Скарыны[2].

Адначасна з Штрытэрам і Аляксееў, пазнаёміўшыся з «Апосталам», выданым у Вільні ў 1525 годзе, закрануў друкарскую дзейнасьць Скарыны. У сваёй працы Аляксееў пазнаёміў чытача з Скарынай праз шэраг выпісак з прадмоў Скарыны і некаторых разьдзелаў «Апостала»[3].

Новы пэрыод у вывучэньні Скарыны распачаўся тады, калі чэскі вучоны Даброўскі[4] ў часе вандроўкі сваёй па Расіі і Швэцыі ў 1792 годзе, заехаў у Пецярбург, і там зьвярнуў увагу на Пяцікніжжа Майсея з адзначэньнем Прагі, як месца выданьня скарынінскіх кніг. Разам з гэтым, Даброўскі высунуў шэраг пытаньняў, зьвязаных з выхадам скарынінскіх выданьняў і прабаваў даць на іх адказ, які крыху розьніўся ад адказаў яго папярэднікаў. Даброўскаму прыходзілася некалькі раз зварочвацца да Скарыны[5]. Яму пашанцавала знайсьці ў Мункачы ў Вэнгрыі паасобнік біблійных кніг Скарыны, сярод якіх кнігі «Ісуса Навіна» і «Судзей» зьяўляліся ўпяршыню ў бібліографічнай літаратуры. Даброўскаму таксама былі вядомы і сьпісы твораў Скарыны, якія знаходзіліся ў бібліотэцы Талстога. Базыль Сопікаў[6] ужо ведаў усе 22 надрукаваныя біблійныя кнігі Скарыны. Ён ведае таксама і «Апостал», і другое віленскае выданьне „Малую Подо-

  1. Бакмейстер. «Essai sur la bibliothéque de l’Acadèmie des Sciences á St.-Petérsbourg. 1776» і «Опыт о библиотеке Императорской Академии Наук. СПБ. 1779».
  2. Штритер. Опыт трудов вольного Российского собрания. М. 1783. Стар. 177—194.
  3. Алексеев П. А. Рассмотрение славянской старопечатной книги «Апостол», которая справлена доктором Франциском Скориной из Полоцка; напечатана в Вильне, в 1525 г. Опыт трудов вольного Российского собрания при Московском Университете. М. 1783 Стар. 195—204.
  4. Neuere Abhandlungen der K. Böhmischen Gesellschaft der Wissenschaften. Prag. 1795. Стар. 183—187
  5. Slovanka. Prag. 1815. 1, стар. 152—156 і II, 1815, стар. 149—152: Geschichte der Böhmischen Sprache und ältern Literatur. Prag, 1818 Стар. 304.
  6. В. Сопиков. Опыт российской библиографии. СПБ 1813. Т. I.