Старонка:Спатканьні (1925).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НОЧ У ГАРАХ

Ноч-чараўніца спусьцілася ціха,
На горныя высі раскінула шаты.
Вось чутны яе прымірэнчыя ўздыхі…
А месяц, адзеўшыся ў срэбныя латы,

Прастор аксамітны чаруе, варожыць.
І горныя высі, аблітыя бляскам,
Сплятаюцца стройна ў малюнак прыгожы,
Ў прыемную, ціхую ласкаю казку,

Ня дарам у цішы вось гэтае ночы,
Што так разьляглася ў адзеньні срабрыстым,
Ня хочацца думаць, самкнуць свае вочы,
Ня хочацца траціць уздым урачысты,

Што ў сэрцы буяным плюскоча крыніцай.
Іду я між гораў знаёмай пуцінай,
Іду, ня журуся, хоць сам — чужаніца;
Мяне не палохае клёкат арліны,

Які не знаёмы, як буславы клёкат
У нашай ці ночнай, ці ранішняй цішы.
Хачу я залезьці на горы высока —
ў лезу ўсё вышай і вышай, і вышай…