Гэта старонка была вычытаная
Кажуць: поўнач як настане,
І сяло засьне,—
Адбываецца гуляньне,
Як здаўна ў карчме.
Чэрці, ведзьмы, ваўкалакі
Сходзяцца гуляць;
На стол зьяўвяцца прысмакі,
Музыка чуваць.
Бліск сьвятла заблісьне яркі,
Пойдзе ходам клум
Звоняць міскі, пляшкі, чаркі…
П’янства, скокі, шум.
Жэняць ведзьму з ваўкалакам,
Сватае шынкар,
Попам—рабін, ведзьма—дзякам,
А чорт—гаспадар.
Так гуляюць, покуль недзе
Ня кігне пятух…
Гіне ўсё, і па бяседзе!
Пуста, сумна ўкруг.
Цень са сьцен плыве пануры,
Як з якой турмы,
Кот зьдзічэлы ловіць шчуры
У сянях карчмы.
Крыльлі ў цемнаце лапочуць
Кажаноў, начніці;
Віхры ў коміне хіхочуць
Жудка без граніц.
Жах карчма ўвесь чуе гэты
І думу снуе
Пра мінуўшыя дні, леты
Лепшыя свае.
1907 г.
|}