Гэта старонка была вычытаная
Адбывалісь вечарынкі
І вясельлі ўраз,
Захапляючы дзянінкі
Ў ночны добры час.
Рэжа музыка званліва,
Топат ног такі!
Разгуляліся на дзіва
Дзеўкі, дзяцюкі.
Кругам старшыя пры чарцы
Селі, люлькі цьмюць,
Аб пагодзе, гаспадарцы
Гутаркі вядуць.
А гарэлка рэчкай льецца,
Бегае шынкар,
Песьня ўдалая нясецца,
З твару сыпле жар.
Ой, дзянёк так кожны праве
У карчме шум, крык…
Счэзла доля. Па забаве!
Час вясёлы зьнік.
Ўсё прапала, згібла недзе,
Як сон, як туман;
У карчму ўжо не заедзе
Ні мужык, ні пан.
У стадоле ня ржуць коні,
Коз ня бэчыць зброд,
Не гамоніць пры шынкоўні
Выпіўшы народ.
Косьці парыць у магіле
Ўжо шынкар даўно,
Аб нячыстай людзі сіле
Баюць на адно.