Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 149 —

Не папусьціць ў крыўду славу,
Славу ды свабоду,
Хоць і дуж ты, і багаты,
Ды панскага роду.

Ох, патрапіць народ часам
За сябе ўступіцца,—
Асьвяціць зямлю пажарам,
Сьвежай кроўю ўпіцца!

Лезе пан да Бандароўны,
Ўвесь гарыць, бы ў жары
Тая жартаў не пазнаўшы,
Зьехала па твары.

IV.

Жутка, жутка дым пажарны
Бухае уночы,
А жутчэй яшчэ ў пана
Задымелі вочы.

Выгражае кулакамі
Ўсёй казачай браці:
— Ўсе адказ дасьцё мне зараз—
Дочка, бацька, маці!

— Асьцярожна, ясны пане,
З грозьбамі сваімі!
Забурчала старшына ўся,
А моладзь—за імі.

Выбег з хаты пан Патоцкі
Зваць сваю дружыну,
А старэйшы людзі вучаць
Бедную дзяўчыну:

Уцякай-жа за пагодай,
Донька маладая,
Покі дзень засьвеціць ясны,
Покі сіл хапае!