Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 148 —

А сягоньня-ж выглядае
Лепей, як заўсёды,—
У карчомцы з казакамі
Цешыцца з свабоды.

У гульні сама рэй водзіць,
Весела, міргае,
Задзіўляе усіх чыста,
Як зара якая.

Ой, туляй-жа, Бандароўна,
З вечару да ранку!
Цябе вораг ужо сочыць,
Сочыць на каханку.

III.

К таму часу ў Берастэчка,
К дружыне казачай
Прыблукаўся пан Патоцкі
З хэўраю лядачай.

Як пачуў ён ў карчомцы
Зычную забаву,
Туды йдзе сваю бясчэсну
Паказаці славу.

Банкятуе з казакамі,
Мёд, віно п’е квартай,
К маладзіцам і дзяўчатам
Лезе смольлю ў жарты.

А найгорай к Бандароўне
Ён прыстаў абрыдна;
Цалаваць, абняці хоча,
Ажно глянуць стыдна.

Асьцярожна, пан Канеўскі!
Будзе ліха, будзе,
Не забудзься, што сумленьне
Ёсьць і ў простым людзе!