Ад хваль, што шэпчуцца так міла,
Ты дойдзеш праўданькі усёй,
Што рэчкі—гэта зямлі жылы,
Вада ў іх—кроў зямлі тваёй.
І запытаецца вадзіца,
Як ня пытаў ніхто ў жыцьцю:
Чаму яе п’е чужаніца,
Яе, кроў родную тваю?
Ідзі у лес, што стаў кругом
Тваіх нязьмерных ніў на стражы,
Што толькі думаў аб адном…
Але паслухай, што лес кажа:
Я бараніў твой дух ад плесьні,
Аб думы шчыра твае дбаў,
І паўтараю вотклік песьняў
Што прадзед з ветрамі складаў.
А ты, змарнелы чалавек,
Нікчэмны пасынак былога,
Сваю пушчаеш песьню ў зьдзек,
Чужою славіш нават Бога!
Прывучан кланяцца, ўніжацца,
Паганіш скарб свой дарагі.
І знаеш толькі там сьмяяцца,
Дзе кроўю плакаў-бы другі.
Ідзі на ўзгор, на камень сядзь,
Што пашчапаў пярун на часьці;
Глядзіся ў зоры, што мігцяць
На небе ў радасьці і ў шчасьці.
Яны агністымі іскрамі
Ў душы распаляцца, як сталь;
Бо неба сочыць за людзямі,
Зямлі пільнуе яго даль.