II.
Над быстрым Днепрам, дзе сягоньня
Стаяць Магілева муры,
Драмала пушча ў сотні гоняў,
Змагала громы і віхры.
На дрэва дрэва нагінала,
Адно к другому прыгняла,
Сукі з сукамі пасплятала
І з ветрам гутарку вяла.
Ваўкоў, дзікоў, ласёў, мядзьведзяў
Была там днёўка і начлег
У летні час і ў галаледзьдзе,
І ў зімавы глыбокі сьнег.
Людзей ня знаў лес гэты хмурны,
Зайздросна сьцежкі свае крыў,
Адно сваім дном Днепра бурны
З вясны да восені ў даль плыў.
А з пушчы вырваўшысь на поле
Шумеў і грозны слаў праклён,
Што не даваў яму лес волі—
Давіў гальлём з усіх старон.
У гэтай пушчы з перадвекаў—
Што так драмала ўдоўж і ўшыр,—
Сялібу меў сабе Машэка,
Разбойнік страшны на ўвесь мір.
III.
Даўней ня зналі так марнеці,
Як мы марнеем з году ў год,
Асілкаў шмат было па сьвеце,
Быў шмат дужэйшы наш народ.
Асілкам гэтакім адроду
Машэка быў ў сваёй радні,—
Дзіцём нясьці ўжо мог калоду,
Якой трох сталых—не маглі.