Нам продкаў кемкасьць захавала
Шмат весьцяў дзіўных з быўшых год,
Хоць гэтых весьці ўжо нямала
Ў няпамяць кінуў сам народ.
Усё-ж яшчэ штось засталося
Унукам з прадзедаў жыцьця…
Няхай-жа гэтыя калосьсе
Мінуць скараньне нябыцьця!
Няхай той час, што згінуць мусіў
У беспрасьветнай векаў мгле,
Для бяспрыпыннай Беларусі
Хоць толькі ў песьні ажыве.
Зьбіраць начнём зярно к зярняці,
Былое ў думках ускрашаць,
Каб быт на новы лад пачаці,
І сеўбу новую пачаць.
Пачнём дакапывацца самі
Разгадку нашых крыўд і бед,
Што леглі цёмнымі лясамі
На нашай долі з даўных лет.
Пачнём някратаны паданьні
Сачыць пад бацькаўскай страхой,
Шукаць ад раньня і да раньня,
А толькі хай шукае свой.
|