Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 112 —

6. АГЛЯД ПОЛЯ.

Вялікі сьвет! Ня згледзець тых абшараў.
Што прадзеды пакінулі і нам:
Дзе лес, дзе лозы, дзе ляжаць папары,
Дзе рунь абходзіць ўжо на хлеб людзям.

Сягоньня, мілая, быць хочу я з табою,—
Дык ручку на плячо мне палажы,
Я стан твой атулю рукою
І ў поле пойдзем, пойдзем пад крыжы,

Як дзеці, пазабытыя тым сьветам,
Свае палеткі будзем аглядаць
І, пад загонам седзячы сагрэтым,
Пачнем аб жніве будучым гадаць.

Багата мы з табою маем гоняў.
Ў пару абсеяць, зжаці толькі-б іх,
Ды ў добры час злажыць у застароньне
Сям’ю снапкоў пасьпелых, залатых.

Так, станам песьцячысь яе прыгожым,
Ідзём, ідзём з загона на загон,
Дзе перш араць, дзе сеяць перш—варожым—
З надзеяй дачакаць нядзельных дзён.

Абняўшыся пад крыжам адным селі,
З бакоў стаяў другі і трэці крыж,
З крыжамі мы, як зданьні, ў сьвет глядзелі,
І душы нашы ўзносіліся ўзвыш.

Мы блаславілі неба воблік сіні,
Што нашы думкі ўзносіў да сябе,
І ў думках кланяліся той часіне,
Што нас злучала ў шчасьці і ў жальбе.

Жыцьцё, зямлю і сонца блаславілі,
Старыя грушы, вербы на мяжы,
А пракліналі толькі скону хвілі
І тыя вечныя па нас крыжы.