Спаўзьлі з загонаў зімнія сьнягі
І ў мора паплылі ракой-вадзіцай,
Запелі жаўранкі. І чорныя лугі
Ўсьмяхацца сталі першаю травіцай.
У поле статак выганяць пара.
Кароўеў маем мы—завецца Аўтарыняй,—
Багацьце кожнага гаспадара,
Скарб і пацеха кожнай гаспадыні.
«Мая» ня выгнала яе за край
Платоў, на пашу дзе яна хадзіла,
Пакуль таго, што вучыць абычай,
Над ёй сваёй рукою ня ўчыніла.
Сьвянцоным хлебам, сольлю і вадой
Абнесла навакол яе тры разы,
Паставіла да сонца галавой
І загавор чыніла ад заразы.
Ў крыніцы тры разы кусочак шкла
Скупала, і перад вачмі кароўкі
Трымаючы, шаптала, як з мала,
Такія мудры заклінаньня слоўкі:
«Ты, ясна сонца, месяц, ясен сьвет,
І вы, на небе часьценькія зоры,
Вы ўсе, што кропіце расою цьвет,
І асьвятляеце сушу і моры,—
Зямлю агрэйце, вырасьцьце траву,
Не пашкадуйце есьць і піць жывінам,
Шаўковую сьцяліце мураву,
Абгарадзіце жалязяным тынам.
Вартуйце, сьцеражыце ад цара
Ляснога, палявога, вадзянога,
Ад царанят яго, ад упыра
І ад людзкога вока нялюдзкога!
|