Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 2.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чынам славутым гетманам Агінскім. Далей, нарадзіліся і былі зьдзейсьнены думкі аб злучэньні галоўных рэк каналамі. Першым быў пракапаны Агінскі канал, які злучыў Шчэру з Яцольдай і, значыцца, Дняпро з Немцам. У 1784 годзе прайшоў першы транспорт суднаў ад Херсону да Краляўца. Канал быў пабудаваны коштам таго-ж Агінскага. Ён-жа прабаваў правесьці яшчэ адзін канал пад Сьцятычавам, а Скірмунт— каналізаваць Пінскія балоты між Гаравахай і Веляцічамі. Вучоны ксёндз Францішак Нарвойт працуе над абчышчэньнем Немцу, на працягу трох год, згодна даручэньню літоўскае скарбовае камісіі. Ужо ў эпоху падзелаў быў скончаны Дняпроўска-Бугскі канал, які злучыў Піну з Мухаўцом, утокам Бугу. У 1784 годзе памянёны Мацей Бутрымовіч лёгка правёў па гэтым шляху, яшчэ ня зусім тады гатовым, першыя 10 суднаў у Варшаву і Гданск. Канчаткова канал быў гатовы толькі ў пачатку XIX сталецьця. Каля таго-ж часу зьяўляюцца проекты злучэньня Дняпра з Дзьвіною. Славуты вучоны Тадэуш Цацкі ў 1796 годзе, г. зн. ужо. пасьля падзелаў, падаў мэморыял аб карыснасьці гэтага каналу. Ён адзначае, што былая Менская губэрня ў раёне ракі Бярозы адрэзана ад Дзьвіны. Дзеля гэтага транспорт лясных матар'ялаў каштуе вельмі дорага і адбірае шмат часу.

Гэтым была пасунута наперад будоўля Бярэзінскага каналу, які быў скончаны расійскім урадам значна пазьней. Тады-ж зьяўляецца цэлы шэраг іншых проектаў аб злучэньні каналамі паўднёвых рэк з Нёмнам і нават з Ільменем.

Асабліва цікавы спробы аднаўленьня некаторых галін прамысловасьці. Толькі цяпер, у эпоху спаду дзяржавы і яе экономічнага зруйнаваньня, да Беларусі дайшлі ідэі мэркантылізму, і пачалася эпоха штучнага насаджэньня прамысловасьці альбо пасуваньня наперад яе ранейшых пачаткаў. Гэтае зьявішча ўласьцівае ўсёй аб'яднанай дзяржаве. Каля таго-ж часу ў Польшчы зьяўляюцца спробы ўтварэньня некаторых акцыянэрных кампаній і насаджэньня прамысловасьці з дапамогаю чужаземных капіталістах.

На чале прадпрыемстваў стаіць шляхта. Гэта ёсьць справа ня столькі капіталу, колькі інтэлігентнае шляхты, а загэтым і самыя прадпрыемствы будуюцца ня досыць практычна і не зьяўляюцца досыць моцнымі. Значную ролю ў гытым аднаўленьні прамысловасьці адыграла Беларусь.

У справе разьвіцьця прамысловасьці энэргічную дзейнасьць тут разьвінуў падскарбі надворны літоўскі Антоні Тызэнгаўзэн, якога падбухторваў да дзейнасьці кароль Станіслаў-Аўгуст. Ён атрымаў у арэнду ад караля надзвы-