Перайсці да зместу

Старонка:Сонечнымі сьцежкамі (1925).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

За маім акном — абрывы,
а на дне іх — пыльны брук.
Ў дротах мечацца пужліва
сонца — вогненны павук.

Ліжа жоўтыя каменьні
ценяў шэрая кайма —
звонка ляскае аб землю
іскрай звонкаю трамвай…

Ах, я знаю!.. Звонкім гулам
ўсьпеняць раніцу гудкі,
загудзіць завод, як вулей,
запыхцяць рухавікі…

Гэй, далёкія палеткі!
Над ракой сутулы клён!..
Наш пасеў — жалезных кветак
забуяніў над зямлёй

Можа заўтра паравозы
загудзяць паміж лясоў,
можа зьвякне вербалозьзе
намі зробленай касой…