Старонка:Сонечнымі сьцежкамі (1925).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Завяжу я, завяжу я —
завяжу я думкі ў вузел:
песьню нашу — ня чужую,
Ня чужую чуў я ў лузе.

Распляту касу густую
ды акутаюся ў кудры…
Маладую, агнявую
я ніколі не забуду.

Грайце струны, грайце струны,
грайце, струны пра раздольле:
парасту я ў полі руньню,
парасту травою ў полі.

Думкі ў вузел завяжу я
дый зямельку пацалую —
не пайду ў зямлю чужую,
бо сваю мацней люблю я.