Старонка:Сонечнымі сьцежкамі (1925).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З поэмы „СЯГОНЬНЯ“.

I

Мне казалі калісь
— Беларусь —
гэта толькі балоты ды ўзгоркі,
ды народ, што, сагнуўшыся ў крук,
льле свой пот у чужыя разоры.

Паплылі падарожнага крокі
дый загасьлі ў шумлівых ценях…
Я знашоў Беларусь ненарокам
у сырых гарадзкіх сутарэньнях.

Ня шукай багатых фарбаў…
Салаўіных сьпеваў
ня шукай, —
бо з закураных дымам фабрык
пеніць дзень толькі покліч гудка.

Хай шукаюць тое, што ня згублена
у чужын невядомай шэрані…
Беларусь мая ў фабрычных трубах;
Беларусь нікім яшчэ ня зьмерана.

Вы сьпявайце сабе, баяны,
хто яшчэ да канца ня згніў.
Я скажу,
як умею,
як знаю,
пра вясёлыя нашы дні.