Старонка:Сонечнымі сьцежкамі (1925).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАЙ.

Май прышоў у блакітнай кашулі,
у манісьце павеваў лясных…
Сёньня й мы на заводзе пачулі
залатыя раскаты вясны.

Май прашоў над шумлівым горадам,
пырснуў сонцам у твар камяніц,
і на вуліцах, дымных і чорных,
першамайскі прызыў зазваніў.

Любіць ён, як і я, прабегчы
па зялёных размахах палёў.
Як і я — ён бунтар адвечны:
любіць сонны ламаць буралом…

А калі чырвонай істужкай
май аздобіць вясны блакіт —
льлецца лавай па вуліцах вузкіх,
буйным гневам на бруку кіпіць.

І тады — непакорны і хмуры —
ён ідзе напралом, як шквал.
І ня сыну вясны і віхуры
пуцявіны сабе шукаць.