Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Аднэй з самых галоўных прычын паміраньня хворых зьяўляецца запушчанасьць выпадкаў, стан хронічнага ілеуса — атручваньня — у якім яны знаходзяцца.

Другая статыстыка дае на 434 выпадкі раку тоўстай кішкі яшчэ горшыя вынікі — 38,7 проц. сьмяротнасьці. Шаак лічыць для рускіх аўтароў характарным нават 50 проц. сьмяротнасьці. Як вядома, спосабам зьмяншэньня процанту сьмяронасьці зьяўляецца двохмомантная рэзэкцыя. Сапраўды, ёсьць лічбы, якія сьцьвярджаюць гэта. Так, адна зборная статыстыка дае: пры аднамомантнай рэзэкцыі на 207 выпадкаў — 88 сьмярцей — 14,5 проц., пры двохмомантнай рэзэкцыі — на 146 выпадкаў 22 сьмерці, 15 проц. Уорэн вылічвае на сваім матэрыяле пры аднамомантнай рэзэкцыі сьмяротнасьць у 60 проц., пры двухмомантнай — 30 проц. Але іншыя статыстыкі даюць іншы малюнак: усё залежыць ад таго, якой цяжкасьці выпадкі падлягаюць двухмомантнай рэзэкцыі.

Рак кутніцы, як відаць, даваў раней у сярэднім 20 проц. сьмяротнасьці (пры пазабрушных мэтодах); Крэнляйн (1873—1899) на 881 выпадак меў 19,4 проц. сьмяротнасьці; Равэ — больш новая статыстыка — на 335 выпадкаў — 20 проц.

Цяпер называюць меншыя лічбы: адны гавораць пра 3,7-14 проц., іншыя — ад 3,7 проц. да 22 проц. Аднак, статыстыкі раду спрактыкаваных хірургаў са значнымі лічбамі, таксама не асабліва бліскучыя: Эйзэльсбэрг[1] дае 10-16 проц.; Кютнэр — 22,5-17,3 проц.; Быхаўскі — 15-20 проц.; Спасакукоцкі — 13 проц.; Пошэ — 10 проц. Сярэдні процант сьмяротнасьці пры раку кутніцы — 15 проц.

Ракі кутніцы, якія сядзяць больш высока і патрабуюць комбінаваных опэрацый, даюць да 40 проц., ва ўсякім разе ня менш, як ракі тоўстай кішкі.

Пры пухлінах нырак зусім старыя статыстыкі давалі вялікі процант сьмяротнасьці:

да 1890 г. паводле Гюйона -62,6 проц.
ад 1890 да 1899 " " -19,3 "

Як відаць, гэты апошні процант застаецца і цяпер: Фёдараў да 1923 г. на 959 опэрацый (ад 1902 па 1921 г.) атрымаў 20 проц. сьмяротнасьці. Магчыма, што за самыя апошнія гады гэты процант зьменшыўся: так, Пашэн (1916 г.) дае 11,1 проц., Штых — 15,4 проц.; Фёдараў — 7 проц.

Рак простаты дае паводле Досо (1927 г.) 30 проц. сьмяротнасьці.

  1. Артыкул у Нямецкай Вікіпедыі — Anton von Eiselsberg