Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лячыць іх опэрацыйным спосабам. На маім матэрыяле 44 проц. хворых былі ў такім цяжкім стане, што іх ня можна было опэраваць. Шмат іншых матэрыялаў цалкам гэта сьцвярджаюць.

Другі момант, які зьяўляецца прычынай траўматычнай сьмерці, гэта - шок: множныя вытненьні, вытненьні вялікіх паверхняй, множныя зломы - прыводзяць да шоку, які цягне за сабой сьмерць, хоць-бы і ня было пашкоджаньняў важнейшага для жыцьця органу. Лік такіх сьмярцей, праўда, ня надта значны, але адносная вага шоку абмалёўваецца ва ўсёй паўнаце, калі ўзяць пад увагу, што ў якасьці лячэньня мы ўжываем опэрацыйнае ўмяшаньне, якое, само па сабе, зьяўляецца пашкоджаньнем і, напластоўваючы пашкоджаньне на пашкоджаньне, атрымліваем павялічэньне шоку, а ў выніку - сьмерць. З прычыны гэтага, нярэдка можна сустрэць погляд, што з опэрацыяй трэба пачакаць да таго часу, пакуль траўматык выйдзе са стану шоку. У супярэчнасьці з гэтым патрабаваньне магчыма больш раньняга ўмяшаньня. Проблема лячэньня шоку, - пасьпяховага змаганьня з ім, - зьяўляецца аднэй з найбольш значных проблем у хірургіі пашкоджаньняў. Розныя тэорыі і, у прыватнасьці, тэорыі выкліканыя апошняй вайной, якая дала вялізарны матэрыял для вывучэньня шоку, не далі яшчэ практычных вынікаў, і траўматычны шок да гэтага часу яшчэ не пераможаны.

Калі ў адносінах да двох найважнейшых фактараў сьмяротнасьці хірургія пакуль што бясьсільна, дык іншае трэба сказазаць адносна крывяцячэньня і інфэкцыі. Змаганьне з апошнім упіраецца ў пытаньне магчыма больш раньняй хірургічнай дапамогі. У гэтых адносінах за апошнія часы ўстанавілася пэўнае палажэньне актыўнага лячэньня траўм і, асабліва, траўм поласьцяй і адкрытых траўм. Гэты актыўны кірунак з пэўнымі абмежаваньнямі трэба лічыць правільным шляхам, які ў далейшым належыць разьвіваць і ўдасканальваць. Прынцып спрашчэньня раны адразу стварае для будучай інфэкцыі найменш спрыяльныя ўмовы.

Такім зьяўляецца пункт гледжаньня сучаснай хірургіі, і справа толькі ў рэалізацыі гэтага палажэньня. На вялікі жаль, соцыяльны момант адстае ад клінічнага. Калі ў вялікіх гарадох існуе хуткая дапамога, дык нават у іх няма правільна організаванай спэцыяльнай хірургічнай экстрэннай дапамогі. Толькі ў некаторых пунктах нашага Саюзу ёсьць спэцыяльныя больніцы і інстытуты, дзе бесьперапынна дзяжураць хірургі і іншы пэрсонал, неабходны для безадкладнага ўтварэньня якой-небудзь опэрацыі;