Старонка:Смок Белью.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

два выйгралі. Давядзецца вам падзяліць участак папалам. Вы кампаньёны.

Іх рукі падняліся ўгару, пасля апусціліся ў знак таго, што гэтае рашэнне пацверджана. Вялікі Олаф даволі выразна заківаў галавой і прабурчэў нешта. Нарэшце яму ўдалося загаварыць.

— Пракляты вы чэчака! — прашаптаў ён, але ў гэтых словах гучэла захапленне. — Не ведаю, як вы гэта зрабілі, але ўсё-ж вы гэта зрабілі.

Перад канторай на вуліцы гуў вялізны натоўп, і памяшканне канторы было бітком набіта людзьмі. Смок і Вялікі Олаф зрабілі спробу ўстаць і дапамаглі адзін другому. Смок адчуваў у нагах страшэнную слабасць і захістаўся, нібы п’яны. Вялікі Олаф, хістаючыся, шагнуў да яго.

— Мне вельмі шкада, што мае сабакі накінуліся на вашых.

— Што-ж вы маглі зрабіць! — адказаў Смок. — Я чуў, як вы крычалі.

— Паслухайце, — казаў далей Вялікі Олаф, і вочы ў яго заблішчэлі, — слаўная яна, гэтая дзяўчына, чартоўскі слаўная. Ці не праўда?

— Так, чартоўскі слаўная дзяўчына! — згадзіўся Смок.