Старонка:Слова пра Якуба Шэлю (1932).pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПРАДМОВА

Уласьцівы кожнай гісторыяграфіі культ герояў (усё роўна ці героем будзе індывідуўм, ці колёктыў), асьветлены клясавым разуменьнем гісторыі, падлягае грунтоўнай зьмене ў інвэнтары сваіх бажкоў: рассыпаюцца ў друзгі п‘едэсталы, што ўзьнёсла-нацыянальная гісторыяграфія, а на яе месцы паўстаюць іншыя.

У гісторыі Польшчы, калі яе зразумець як гісторыю польскага сялянства, пэрспэктывы перасоўваюцца з вэрсальска падстрыжаных і падраўнаных алей офіцыяльнае гісторыі і адсланяюць на сваіх скрыжаваньнях новы геройскі п‘едэстал, што здаваўся на ранейшым фоне звычайным прыдарожным каменем, парушаўшым сымэтрыю пэйзажу.

Гэткім пастумэнтам зьяўляедца першы сьвядомы змагар за інтарэсы сялянства — Якуб Шэля.

Бязумоўна, змаганьне польскага сялянства за вызваленьне з-пад ярма паншчыны пачалося не ад Шэлі і ня ён першы распачаў яго. Аднак у той час, як папярэднікі яго ў гэтым змаганьні — накшталт Хмяльніцкага або Косткі-Наперскага — заўсёды рэкрутаваныя з ашуканых у сваіх надзеях шляхецкіх авантурнікаў, карысталіся плячамі сялянскае ідэі, як прыступкамі на ўсходах да сваіх асабістых тронаваных амбіцый, Шэля быў першым і адзіным у гісторыі польскага сялянства сьвядомым прадстаўніком клясавае ідэі, што вырас з узлоньня самога народу.

Офіцыяльная гісторыя, групуючы пэўныя факты, што датычаць Шэлі спосабам адпаведным да яе нацыянальнае концэпцыі і пасьлядоўна абыходзячы іншыя, вылепіла з гэтага матарыялу абразьлівую постаць селяніна-провокатара, конфідэнта захопніцкага ўраду, здрадніка нацыянальных інтарэсаў, заўсёды процілеглых, а часта і супярэчных з інтарэсамі клясаў занядбаных і прыгнечаных.