Гэта старонка была вычытаная
А якая з іх сокалу ўпала,
Тая першая песню пяяла
Ці старому тады Яраславу,
Ці харобраму князю Мсціславу,
Што ў борцы зарэзаў, як згледзеў,
Перад войскам касожскім Радзедзю,
Або краснаму пела Раману
Святаславічу ў хвалу й пашану.
Але, браці, не сокалаў дзесяць
Выпушчаў у свет Баян з пералесіц,
Не лябяжае стада, бы ў байцы, —
А ён клаў свае вешчыя пальцы
На пявучыя струны, а тыя
Пелі славу князям, як жывыя.
Дык пачнем-жа мы, браці, сказ гэты
Ад старога Ўладзіміра летаў
Да сучаснага Ігара воя,
Што скуў розум свой сілаю ўдвое.
Навастрыў сваё сэрца адвагай,
Барацьбянай напоўніў дух смагай
І павёў цераз сёлы і вёскі
Свае дужыя, храбрыя войскі
На зямлю палаўчан, на змаганне
Ды за Рускай зямлі бытаванне!