— „Ды ведаем мы й што як трэба“,
— Пракоп яго тут перабіў.
„Лепш паглядзі — як хмарна неба,
Каб дождж часамі не паліў“…
— „Ціха! здаецца хтось гамоне“,
— Дзям’ян тут прыслухацца стаў,
„Хавайся! хтось ляціць на конях,
„За куст! каб тут нас не застаў!“
Яшче схавацца мы ня ўсьпелі,
Як два мужчыны на канёх
Ля нас трох хутка праляцелі
І пазьнікалі у кустох.
Здалёку толькі данасіўся
Йшче стукаць конскіх капытоў.
Ды незабавам, аддаліўся
І хутка ўсё заціхла ўзноў.
Я тройчы тут перажагнаўся,
Дый іх пачаў страх забіраць.
Але т’кі крышку пачакаўшы,
Пайшлі мы далей: што-ж стаяць?!
Праз паўгадзіны прахадзілі
Мы блізка вёскі Індуноў;
Ня спалі ў вёсцы, бо сьвяцілі
Агні у вокнах ўсіх дамоў.
Чуваць было як там пяялі,
Хто варажыў, а хто скакаў.
На скрыпках і цымбалах йгралі
І бас ім гулка пасабляў.
Паволі й лес ужо збліжаўся,
Ды нас у цемру занімаў,
Дзям’ян кругом тут прыглядаўся,
Відаць таго ён пня шукаў!
|