Старонка:Рунь (1914).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Аўдулька. Не, вун, каморніку. Ён, вун, сказаў нам: «Малайцы!» А як пачуў ад дзядзькі Карпы, што наша, вун, мама хварэіць, дык нешта гаманіў, а тады выняў грошы даў Касьцюку і кажэ: «На, табе, хлопчык, на бублікі».

Ганна. Дзетачкі ма-е-е…

Дзед. Ці падзякавалі-ж вы пану за ласку?

Аўдулька. Мы і яму пралескі рвалі… Я хацела у руку, вун, пацалаваць, дык ён кажыць: «Ня трэба, ня трэба… Я-ж, кажыць, — ня поп і не абраз». І ні даў, вун…

Дзед (успомніўшы). Пара̀, пара̀ гараць. Паеду, Косьцік! твае грошы цэлы будуць, дай — я схаваю іх. (Паклаў грошы на палічку перад абразамі, яны с хаты відны). Ну, Аўдулька, прыгледай матку, Яначку тута калышы, вады мамі падай, калі пабажаіць. Доля наша, доля… Грахі нашы. Пойдзем, Косьцік, і я табе дудачку вырэжу з лазы… (Дзед і хлопчык пайшлі за дзьверы).


Праява 3-ая.

Ганна і Аўдулька (калышыць Янку).

Ганна (маркотна). Дачушка мая, любінькая, памру я, чую сваю сьмертухну… Слухайся, шануй дзеда. А можэ ж і татка твой апомніцца, агоўтаіцца, піць гарэлку перэстаніць… Даглядай Яначку, Косьціка… Дзеткі мае-е… Хораша жыць, калі усё ладна… (Ей трудна гаварыць). Дай піць. (Аўдулька падаець карэц з вадою; Ганна напіўшыся гаворыць крапчэй). Якіе прыгожые красачкі. Каб мне разок яшчэ пабачыць, як жытцо каласіцца, а там… памерці…