Старонка:Рунь (1914).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Аўдулька (плачыць). Мама, не кажы ж ты так, не кажы пра сьмерць, — мне страшна… Ня трэба нікому уміраць…

Ганна. Ня бойся, дачушка, ні плач… Так ужо Бог даў… Што я сьніла сяньня? Бытцым нябошчыца мама, такая сьветлая, ясная, у беленькай сьвітачцы прыйшла к нам і да таго ж жаласна і сумна кажыць мне: «Ганначка, — кажэ, — галубка, чаго ты так счарнела ды высахла, выпятрыла уся? Рыхтуйся, — кажэ, — бо табе-ж пад вянец пара, заждалася я цябе…» (Маўчыць крыху, сьлёзы коцяцца, як боб). Тут я прачхнулася, і страшна мне, і лёгка-лёгка неяк зрабілася…

Аўдулька. Мамачка, і я памру…

Ганна. Жыві, дачушка. Будзіш мне на могілку кветачэк прыносіць… На Радаўніцу з яечкам прыйдзі хры-сто-са-вацца-а-а… (Горка-горка плачыць).

Аўдулька. Мама! Мамачка!.. (Чутна пьяная песьня пад вакнамі).

Ганна (адыйшла крыху). Нічога, нічога, я так… Што гэта?

Аўдулька (падбегаіць к ваконцу). Тата йдзець! Ай, пьяны, — будзе біцца… (Палезла на пол к матцы).

Ганна. Забыўся на ўсё чэлавек. А некалі-ж кляўся, бажыўся. Ці даўно тое было? І што гэта з ім; ці ні паддаў яму хто? О-о-о…

(Атчыняюцца дзьверы і, дзяржучыся за клямку, хістаіцца на парозі пьяны і, як слова, вясёлы Раман; пяець і прыстаўляіцца пракудай).