Старонка:Рунь (1914).pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Месік, месік…

Бязгучна, нема, са сваей адвечнай думай пазіраіць на лес, поля, хаты… Высокі, далёкі…

Часам троху схаваіцца за правідную болачку, што тонкімі фарботамі расьцягніцца па ім, як вышываны усякаю гурынаю паркалёвы набожнік над абразом у сьвятым хатнім куце.

Зоркі мігцяць, мігцяць, мігцяць…

Як дарагое цьветнае каменьня сьвецяцца… Як лямпадкі блішчаць аганькамі белымі, залатымі, чырвонымі, жоўтымі.

Думаіцца нешта ціхае, а неспакойнае…

Як прыгожа, як чудоўна-люба, якое вялікае мастацтва ў кожнай драбязінцы с творчасьці Вялікай Непазнаванай Сілы!

Прыемна, люба, ні страшна, а неспакойна…

— Адылі ж падажджы!.. У тваім ціхамірры німа спакою… Ты адбіраіш спакой… На што цягніш к сабе, цягніш, маўчыш?

— Стрэлю ў цябе!..

Сіпла прашыпеў злосны сярод прыгожасьці, скрыгнуў мімаволі губамі, пачаў цэліцца.

З узлахмачэннаю, задзёртаю ў-верх, хвораю галавою, без шапкі, с накінутым абы-як на плечы жупаном, дзяржучы высака у дрыжачай худой руцэ стрэльбу—быў страшны і цікавы…

Не рана, позна…

Месічна… Месічна навокала, так месічна, і лезіць нешта месічнае, тое маўкліва-незразумелае, лезіць у кволую душу, зваевануюпрыгажством нецямлівасьці усяго, што тут спала блізка, на зямлі, і што было, нявідзімае у паветры і што, можа, маіць душу ці пачаткі яе там, далёка, на другіх плянэтах ўсясьвету…