Старонка:Рунь (1914).pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗          ∗

................. Ты абліваіш сваім блескам нудна але упорчыва і безперэстаньня цалютку ноч.

Ня блеск, не, ня срэбра, а нешта алавянае…

Бо німа куды пайці, скончылася… Німа таго срэбра ядрэнай ночы, калі пьянілі галаву пышные, сочные, росные рожы і стукала сэрца ад яе погляду любаго, глыбокаго, даўгога і нешта важнае гаворучаго…

Ты і тады быў алавяны, а здаўся срэбраным… Ціха было пад старымі ліпамі… Ядрэная ноч… Месічна… Нечэга жадалася…

Было, было… а падманіў…

Ты сваім бледным прыгажством і незразумелай адвечнай маўклівасьцю цягніш да сябе маленькую, сінявочкую Антосю, падыймаіш яе малютку, узводзіш на высокую страху…

Ціш-ш… Ня можна крычаць… Ён, а поўны сягоньня, узьвёў дзевачку малую, а шчэ… ціш-ш!.. зваліцца, заб’ецца да сьмертухны.

Чым ён чаруіць? Чым? Чым ён цягніць да сябе?

— Падажджы-ж!

Схапіў стрэльбу, накінуў на плечы жупан і выбег на двор.

А ноч! Божа ж ты мой, якая ноч! Яна незвычайна прыгожа…

Старые, ціхіе пуні пад срэбрана-белымі стрэшкамі сьпяць сярод цёмных садоў, кідаюць ад сябе чорную-чорную сьцень…

А там гумны, лазьні маўчаць… Стрэхі і гароды водаль у срэбры, а бліжэй—цёмна…