Перайсці да зместу

Старонка:Рудзін Дваранскае гняздо 1935.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яна важнай ролі не іграла; але ў Маскве яе ўсе ведалі і ездзілі да яе. Яна належала да вышэйшага свету і мела славу жанчыны некалькі дзіўнай, не вельмі добрай, але надзвычай разумнай. — У маладосці яна была вельмі хараша сабою... Паэты пісалі ёй вершы, маладыя людзі ёю захапляліся, важныя паны валачыліся за ёю. Але з таго часу прайшло год дваццаць пяць ці трыццаць, і ад даўнейшага хараства не засталося і следу. „Няўжо, —

пытаўся ў сябе мімаволі кожны, хто толькі бачыў яе ўпершыню: — няўжо-ж гэта хударлявенькая, жоўценькая, востраносая і яшчэ не старая жанчына некалі была красуней? Няўжо гэта яна, тая самая, пра якую звінелі ліры?.." І кожны ўнутрана дзівіўся зменчывасці ўсяго земнага. Праўда, Пандалеўскі знаходзіў, што ў Дар'і Міхайлаўны надзіва захаваліся яе прыгожыя вочы; але той-жа Пандалеўскі запэўняў, што яе ўся Еўропа ведае.

Дар'я Міхайлаўна прыязджала кожнае лета да сябе ў вёску з сваімі дзецьмі (у яе іх было трое: дачка Наталья, семнаццаці год, і два сыны, дзесяці і дзевяці год) і жыла адкрыта, гэта значыць прымала мужчын, асабліва халастых; правінцыяльных барынь яна не магла зносіць. Але і даставалася-ж ёй ад гэтых барынь! Дар'я Міхайлаўна, па іх словах, была і гордая, і распусная, і тыранка страшанная; а галоўнае — яна дазваляла сабе такія вольнасці ў гутарках, што проста жах! Дар'я Міхайлаўна, сапраўды, не любіла чым-небудзь абмяжоўваць сябе на вёсцы, і ў вольнай прастаце яе абыходжання прыкмячалася адценне лёгкай пагарды сталічнай львіцы да акаляўшых яе, даволі цёмных і мізэрных стварэнняў... Яна і з гарадскімі знаёмымі абыходзілася вельмі развязна, нават насмешліва; але адцення пагарды не было.

Дарэчы, чытач: ці не заўважылі вы, што чала-