Перайсці да зместу

Старонка:Рудзін Дваранскае гняздо 1935.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ідзі, паночку, права…

Канстантын Дыямідыч пагразіў ёй пальцам і загадаў ёй прынесці сабе васількоў.

— Навошта табе васількоў? вянкі, ці што, плесці? — адказала дзяўчына: — ды ну, ідзі-ж, права…

— Паслухай, мая любая красунечка, — пачаў было Канстантын Дыямідыч…

— Ды ну, ідзі, — перапыніла яго дзяўчына: панічы вунь ідуць.

Канстантын Дыямідыч азірнуўся. Сапраўды, па дарозе беглі Ваня і Пеця, сыны Дар’і Міхайлаўны; за імі ішоў іх настаўнік, Басістаў, малады чалавек дваццаці двух год, толькі што скончыўшы курс. Басістаў быў рослы малы, з простым тварам, вялікім носам, буйнымі губамі і свінымі вочкамі, непрыгожы і нязграбны, але добры, сумленны і просты. Ён адзяваўся нядбайна, не стрыг валасоў, — не з форсу, а ад ляны; любіў пад’есці, любіў паспаць, але любіў таксама цікавую кнігу, гарачую гутарку і ад душы ненавідзеў Пандалеўскага.

Дзеці Дар’і Міхайлаўны шчыра любілі Басістава і ўжо ніколькі яго не баяліся; з усімі астатнімі ў доме ён быў у вельмі блізкіх адносінах, што не зусім падабалася гаспадыні, як яна ні размаўляла аб тым, што для яе прадрассудкаў не існуе.

— Добры дзень, мае любенькія! — загаварыў Канстантын Дыямідыч: — як вы рана сёння гуляць пайшлі! А я, — дадаў ён, звяртаючыся да Басістава: — ужо даўно вышаў; у мяне адно жаданне — захапляцца прыродай.

— Бачылі мы, як вы захапляецеся прыродай, — прамармытаў Басістаў.

— Вы матэрыяліст: ужо зараз бог ведае што думаеце. Я вас ведаю!

Пандалеўскі, калі гутарыў з Басіставым ці па-