Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ястрабаў, ад якіх сілачкі ты ня ме́ла ўбараніць свайго Сымонкі і Зоські! Скінь пыху з сэрца, набярыся адвагі, забірай гэтых з сабой і йдзі, ідзі, куды ногі панясуць, куды вочы твае́ глядзе́ць будуць!

МАРЫЛЯ. Ды я ўжо з самае вясны торбачкі для ўсіх шыла, і шмат, шмат іх пашыла! Але Сымон, Зоська!.. Як-жа мне́ пайсьці бяз іх?

СТАРАЦ. Ня бойся, пані гаспадыня! Яны, калі ня знойдуць таго, чаго шукаюць, каб у тваю хату шчасьце прынесьці, то вѐрнуцца к табе́ тым самым шляхам, якім ты ад іх адойдзеш. Такі ўжо парадак на сьве́це паміж намі людзьмі.

ДАНІЛКА. Ну, і добры-ж гэты парадак: прыме́рам, я пайду шукаць грыбоў у ле́с, а вярнуся адтуль толькі з галінай асінавай.

СТАРАЦ (цягнучы дале́й). Твой сын цяпе́р можа навет шукае таго, чаго і ня згубіў, але мусіць шукаць і павінен. Ганьба таму чалаве́ку, што рукі апусьце, як пярэвяслы, і чакае пакуль сама доля к яму прыдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яѐ з ласкі свае́! Ганьба таму, хто вочы на ўсё заплюшчыўшы будзе ісьці ўцёртай здавён сьце́жкай няпраўды, думаючы, што іначай быць ніколі ня можа, і што не ў яго волі зьмяніць стары парадак бязсумле́ннага жыцьця! Ганьба таму, хто радзіўшыся у ярме́, валоча яго пакорна, як вол стары, не парываючыся навет хоць начас выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага пачуцьцё яго чалаве́чае! Ганьба такому! Нам старым іншая рэч: мы ня жывём, а толькі дажываем. Маладыя-ж мусяць не́чага шукаць, не́чага дабівацца.

МАРЫЛЯ. Дзе́дачка! Не зразуме́лыя рэчы для майго жаноцкага розуму ты кажаш. Але ўсё-ж та­кі, як бачу, нездарма я торбачкі шыла, ох, не здарма!

СТАРАЦ. І сын твой калісь гэтага не разуме́ў, а можа і цяпе́р не разуме́е. Але прыйшла па­ра, выбіла такая шчасная, ці няшчасная гадзіна, і прабудзілася ў яго думка вялікая, важная, што так дале́й быць ня можа, як ёсьць, што яго штосьці пацягнула к не́чаму няве́дамаму, але сьве́тламу і радаснаму, ну, і перавярнуўся ўве́с стары лад