Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАРЫЛЯ. Ве́чнае яму спачываньне! А Зоську нашу так сама зналі, дзе́дка? Такая дзяўчына была!

СТАРАЦ. Знаў, пані гаспадыня! Чаму ня знаў?.. Не адзін раз мяне́ і хле́бам дарыла, і вадзічкі ў смагу давала. Апошні раз, як у вас быў, кве́тачак навет мне́ дала, — за панічова здароўе прасіла маліцца. Добрая дзяўчынка была. Хай Бог Міласэрны за тое долечку ёй шчасьлівую пашле́!

МАРЫЛЯ. Ох, дзе́дка мой! Не на радасьць і на паце́ху яна ў мяне́ гадавалася. Дасьціпная ве́льмі была, і не́йкая як сама не пры сабе́. А з вясны, як прыйшло не́шта ёй у галаву, як стала ў двор бе́гаць, як стала, дык цяпе́р як-бы не пры сваім розуме асталася.

СТАРАЦ. Ве́даю я гэта! ох, чаму ня ве́даю? Моладасьць яе́ згубіла, ды каго яна ня згубіла.

МАРЫЛЯ. А Сымонка мой так сама ці з розуму зышоў, ці хто яго знае, што з ім робіцца. Хоць забі яго — саступіць адгэтуль ня хоча і нам нікому волі не дае́, ня гледзячы на тое, што ўжо апошні суд за гэту зямлю адбыўся і мы на ім прайгралі. Ды яшчэ другая бяда з маім Сымонам прылучылася: прышоў сюды не́йкі шалёны чалаве́к і нагаварыў яму аб не́йкім смоку і зборышчы, — дык цяпе́р по-начы ходзе і зборышча гэнага шукае, не на дабро шукае! Ужо сталі яго і цемняком усе́ называць. Можа і запраўды ў цемнякі запісаўся — хто яго ве́дае? Сама я ніяк і розуму ня прыстаўлю. Ці ня чулі вы, дзе́дка, чаго аб гэтым сходзе?

СТАРАЦ. І чуў і ня чуў, і нічога сам добра ня ве́даю, ды хто яго ўсё разьбярэ, як сьле́дна. Цяпе́р такі на сьве́це між людзьмі несупакой расьце́, што ня дай ты Божачка! Дык можа дзе і зьбіраецца гэна зборышча, але дзе — нічога я ня ве́даю. Шмат чутак усялякіх, як і заўсёды ходзе паміж жывымі, шмат аб чым і добрага і благога гаманяць, але што з гэтага ўсяго гоману выйдзе — ніхто акуратна не згадае. Слабы сталі цяпе́рашнія людзі: ке́пскія вочы маюць каб усё, як нале́жыцца, бачыць імі, ке́пскія вушы маюць, каб кожны шорах пачуць, і згадаць адкуль ве́цер прыхільны ве́е, і ке́пскі ро-