Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДАНІЛКА. А як-жа! Чую! Нашто-ж у мяне́ вушы?

СЫМОН. Ну дык кажы? А не — то, як бачыш душу з цябе́ выматаю!

ДАНІЛКА. Не скажу!

СЫМОН. Скажаш!

ДАНІЛКА. Хоць зарэж!

СЫМОН (хапаючы сяке́ру). Кажы, вужака! а то, як стой, на дробныя кусочкі іскрыпку пашчапаю!

ДАНІЛКА (хаваючы пад сябе́ йскрыпку). І іскрыпкі ня дам шчапаць, і не скажу!

СЫМОН (вырывае з пад Данілкі йскрыпку і хоча се́ч). Скажаш?

ДАНІЛКА (кідаючыся к Сымону на кале́ньне і цалуючу рукі). А братачка, а родненькі! Пасячы ляпе́й мяне́ самога на дробныя кусочкі, а йскрыпкі не чапай! Богам цябе́ прашу!

МАРЫЛЯ (адцягаваючы Сымона). Ці не асшале́ў ты сягоньня!..

СЫМОН (баронячыся ад Марылі). Адчапіся, Мамка! (Да Данілкі, замахаваючыся тапаром над іскрыпкай). Кажы!

ДАНІЛКА (ёнчучы). Сымонка, братачка! Не сячы! Ляпе́й мяне́ забі, зарэж, што хочаш зрабі са мной, а іскрыпачкі не чапай! Другой такой за ўсё жыцьцё не зраблю.

СЫМОН (ізноў замахаваючыся тапаром). Пасяку на дробныя шчэпкі! Кажы!..

ДАНІЛКА (прыпадаючы галавой да іскрыпкі). Сячы па маёй шыі, а іскрыпачкі не чапай! Але ўжо скажу, скажу табе́, дзе яна!..

МАРЫЛЯ (ухапіушыся за сяке́ру). Давай мне сяке́ру! Давай сяке́ру! я сама табе́ скажу, дзе Зоська. (За сцэнай шум; чуваць Зоськін голас: „Пусьце́це мяне́… Я сама найду. Пусьце́це“. Двое дворных людзе́й уводзяць на сцэну Зоську з завязанымі назад рукамі).