Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што гэтых сьве́дак падкупілі іх-жа крывавымі медзякамі. Вось такім проці хачу ісьці!

ДАНІЛКА. І-і! Адзін дурань грошы бярэ, а другі дурань дае́ на тое гандаль.

СЫМОН (са злосьцю). А ты — трэці дурань — ідзі гутарку вясьці са сваёй іскрыпачкай, а ня тут! (Данілка адходзе ў старану).

МАРЫЛЯ. Што ты адзін зробіш проці ўсіх? Ня йдуць, мой сынок, рэчкі ў гару і ня круціцца крыльле ў ветраку проці ве́тру. Ні такой дарогай ішоў ты і хочаш да е́й ісьці, ох, не такой! 3 са­маго пачатку я прачувала, што нічога з гэтага твайго ўпорства ня выйдзе, і што-ж? ці не мая праўда? А трэ’ было пакарыцца! Давалі хату, службу давалі, добра можна было прыстроіцца, хоць-бы гэтыя малыя ме́лі які-такі прыпынак — цёплы начле́г і лыжку гарачае стравы. Ты гэтага не захаце́ў — усё суду не́йкага чакаў. Вось табе́ і суд!.. Хочаш будку не́йкую паставіць?.. Ну, паставіш, і што з таго? Так сама прыдуць раскідаюць і вывядуць сьцюжаю ў чыстае поле на паце́ху ваўком галодным.

СЫМОН. Хай раскідаюць, хай выводзяць! Ізноў вярнуся, ізноў тут сяду і буду вясны чакаць.

МАРЫЛЯ. Пакуль так дачакаеш вясны, — мароз табе́ і нам усім зубы выесьць, у ледзякі абе́рне.

СЫМОН. Дык і што-ж там такое? Абе́рнемся ў слупы замарожаныя, у камяні няскратныя абе́р­немся, а сэрцы тады нашы з сэрцам зямлі зрастуцца, і ніхто не паважыцца крануць нас, бо той, хто кране́ — сам у крыгу лёду абе́рнецца, і ніякае сонца не растопе ўжо гэтае крыгі!

МАРЫЛЯ. Ты, сягоньня, як не пры сваім розуме, Сымоне! Як у гаручцы брэдню не́йкую страшную вядзе́ш. Паслухай ляпе́й, дзе́ткі, мяне́, я-ж цябе́ гадавала, — пакарыся ты ім, — яшчэ ня позна!

СЫМОН. Ха-ха-ха! Пакарыся! А ці ве́даеш, мамка, што гэта знача ім пакарыцца? ці хоць дагадаваешся? Гэта, мамачка, знача: прадаць, утапіць сябе́, цябе́, нас усіх у няволю ім на ве́кі ве́ч-