Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАРЫЛЯ. Няшчасная дзяўчына! Дарэшты губіць яна сама сябе́ гэтай гульнёй непатрэбнай. Не кажы хаця аб гэтым Сымону.

ДАНІЛКА. Камэдыя — хто ня ве́дае, а хто і ве́дае, дык усё роўна — камэдыя. Чаго гэта Зося хоча ад іх? Там зусім добрыя людзі жывуць. Вось хоць-бы я… Пайшоў сягоньня к ім у пазыкі: прашу, каб далі жылаў, ці кішак на струны і хваста на смык. Ну, яны мне́ так усё гэта і пазычылі, але толькі на струны дроту далі, бо кажуць, што ў іх кішкі і жылы ўсе́ выйшлі і няма ў запа­се. Не кажэце толькі, мамка, Сымону, што я ў гэтыя пазыкі хадзіў туды, а то яшчэ з хаты вон выгане.

ЗЬЯВА III.
ТЫЯ-Ж і СЫМОН.

СЫМОН (уходзе і садзіцца. Панура). Ці няма чаго зье́сьці?

МАРЫЛЯ. Зараз бульба сьпячэцца. Ну што? Як?..

СЫМОН. Усё прапала: мы прайгралі! Не даказалі сьве́дкі, свае́ людзі не даказалі нашае даўнасьці на гэту зямлю. Усе́ сьве́дкі праз не́кага былі падкуплены і споены. Дванаццаць чалаве́к прысягнула крыва і суд ня мог уважыць нашага прашэньня: пацьвярдзілі пе́ршы прыгавор і прысудзілі выносіцца адгэтуль. Канчальную пастанову выдалі… дале́й няма куды падаваць.

МАРЫЛЯ. Ну і што-ж мы цяпе́р будзем рабіць? Якую ты цяпе́р у восень раду знойдзеш?

СЫМОН. Якую раду? Якую раду? Ужо-ж, як і не раз гэта казаў, не злажу сваіх рук, як да малітвы, і не пайду к ім прасіцца ў закутнікі! Буд­ку якую да часу скідаю і будзем сядзе́ць тут да вясны, а да вясны шмат чаго можа перамяніцца на сьве́це.

МАРЫЛЯ. Проці закону хочаш ісьці — большай бяды сабе́ наклікаць?

СЫМОН. Ня проці закону, а проці нашых згубіцеляў — крывапрысяжных сьве́дак і проці тых,