Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АКТ ЧАЦЬВЕРТЫ.

Час — позная восень. 3 саду апала лісьце. Сьцюдзена.

ЗЬЯВА I.
МАРЫЛЯ — АЛЕНКА — ЮРКА.

МАРЫЛЯ (уходзе з Але́нкай і Юркам, сама нясе́ гальлё, а Але́нка з Юркам — бульбу ў прыполіках). Ціха, дзе́ткі, ціха! Зараз абагрэемся і павячэраем. (Кідае гальлё). А бульбачку сюды сыпце! (Дзе́ці высыпаюць). Кажаце — халодна? Ну, дык зараз агоньчык вам распалю! (Распалявае). Цяпе́р садзе́цеся, дзе́ткі, і грэйцеся, а бульбінкі на агоньчык, на жарок кідайце, каб скарэй пякліся! Ня бойцеся, яшчэ не замерзьнеце і з голаду не памрыцё, пакуль я тут жыву! Але пакуль што ня так ве́льмі халод­на. Во, як прыдзе кане́ц восені, ды зіма з сьне́гам загуляе, тады — рэч іншая! Ну і тады нічога, дзе́т­кі, нічога! Мінае ле́та, міне́ восень, зіма, а там і вясна прыдзе. Цёпленька будзе, сонейка будзе грэць, траўка зеляне́ць, птушачкі пяяць, садочкі цьвісьці… А цяпе́р грэйцеся, дзе́ткі, грэйцеся! Каб толькі Сымонка наш скарэй з суду вярнуўся.

ЗЬЯВА II.
ТЫЯ-Ж і ДАНІЛКА.

ДАНІЛКА (падходзячы к агню). А! як добра, што мамка разлажылі агоньчык, і бульбачку пячыцё, бо мне́, праўду кажучы, дрыжыкі па це́ле