Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

то мой це́нь астане́цца і будзе жыць на сьве́це да сканчэньня вякоў. Так! Це́нь будзе жыць, калі я згіну.

МАРЫЛЯ. Чуеце, панічок, што яна кажа? Гэта ты яе́ ачараваў. Гэта ты мне́ дачку выдзіраеш! Ляпе́й сэрца ў мяне́, яе́ маткі, выдзеры і зрабі з яго сьве́чку сабе́, але дачкі не вырывай у няшчаснай удавы!

ЗОСЬКА (падходзячы к матцы, абымае і цалуе ў галаву). Зязюлька мая падстрэленая! Усё роўна тады ці сяды разсыплюцца твае́ дзе́ткі па бе́ламу сьве́ту, і будуць каршуны кляваць це́ла іх, і хлёптаць кроў цёплую, а шумны ве́цер паразьмятае пе́райка і чорным пясочкам костачкі іх прысыпе. Толькі ты, Зязюлька, гэтага саколіка цяпе́р не кляні — ён нічога ня вінен; я ляпе́й за цябе́ ве́даю.

МАРЫЛЯ (асовываючыся з услончыка к нагам паніча). Панічок! Я цябе́ дзіцянём пры сваіх грудзёх выпесьціла, выняньчыла!.. Я-ж цябе́ магла ўтапіць, задушыць, але ты жыве́ш і цьвіце́ш. Не забівай-жа ты мяне́, і адваражы, вярні мне́ маю Зоську! І ў цябе́ матка была…

ПАНІЧ. Позна ўжо, цётка!

МАРЫЛЯ. О, чаму ляпе́й ня плыла атрута з маім малаком у той час, калі!.. (Пры апошніх словах паніча, уходзе Сымон з тапаром у руках, каторым уве́сь час пакручавае. Зоська пе́ршая угле́дзіла Сымона і адыйшла ў бок, а Марыля — пасьля).

ЗЬЯВА VII.
ТЫЯ-Ж і СЫМОН.

СЫМОН. Эгэ! Шчырая малітва, відаць, адбываецца перад панічом. (Марыля устае́ і адходзе на бок).

ЗОСЬКА. Гэта мамка так сабе́! Прасілі паніча, каб пазволіў яшчэ час які тут пасядзе́ць.

СЫМОН. А ты прасіла, каб ён табе́ пазволіў там, у яго ночкі прасе́джаваць.