Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у маладзе́нькага, ды прыгожанькага, папраўдзе ласага да ўсялякіх пазык. Як табе́ ня грэх і ня стыдна? Яшчэ над бацькавай дамавінай пясок не завяў, а дачка пабягушкамі займаецца! Забылася, што ён, нябошчык, казаў табе́ перад апошняй сваёй мінутай. Я прыпомню, калі маеш такую кароткую памяць. Бацька казаў: „не паніжайся перад дужым дачасьнікам, бо ён табе́ за тваё паніжэньне перад ім вочы заплюе́ паскуднай сьлінай, а душу і сэрца тваё зьмяшае з балотам атопкаў сваіх!“ Забылася гэтых слоў, не дачакаўшыся першага маладзіка, пасьля скананьня таго, хто іх табе́ сказаў. Эх, Зоська! Зоська! (Шыбка выходзе. Зоська садзіцца, закрыўшы вочы рукамі).

ЗЬЯВА IV.
МАРЫЛЯ — ЗОСЬКА — ДАНІЛКА — ДЗЕЦІ.

ДАНІЛКА. І што гэты Сымон думае з сваёй рызыкай? Ужо аж мяне́ пачынае злосьць на яго разьбіраць. Нацяпаў — нацяпаў языком, а каб хто папытаўся — на што? Вярхнік толькі мой да й скрыпкі сапсаваўся, і выйшла з яго ні Богу сьвѐчка, ні чарту качарга. Пойдзем, малыя, шукаць новай дошчачкі! (Забірае Аленку і Юрку і выходзе).

ЗЬЯВА V.
МАРЫЛЯ — ЗОСЯ.

МАРЫЛЯ (як-бы сама да сябе́). Такое было з яго мілае дзіцянётка. Ве́дама — панскае! што і казаць… Любіла яго ўсё роўна як сваё роднае… Тады ўжо, пры грудзёх, панічоўская кроў іграла ў це́ле яго вутленькім… Чуць толькі стаў ручкі ў кулачок складаваць, шчыпецца бывала, моцна шчыпецца. А як сталі зубкі выразацца — кусаўся; як угрызе́, то аж кроў выскача з грудзе́й. Мале́нькі яшчэ — а такі ўжо дасьціпны быў. І ці даўно было гэта, здае́цца, як пры мне́ качаўся, а цяпе́р глядзі — хоць куды мужчына! (Да Зоські). Ці праўда, Зоська, што Сымон казаў? — ці праўда, што ты да яго ў двор…