Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СЫМОН. Да няшчасьця мо’ і недалёка: заблудзіць не заблудзіць, калі сама гэтага не зажадае. Але яна ўжо запраўды блудзіць ад пе́ршага дня бацькавае сьме́рці. Мамка хвора і даве́рчыва, дык ня бачыш нічога і ня чуеш, а я ўсё бачу і чую. Паляцела перш ад мяне́ з магілак, каб у двор заляце́цца — на панічовы гібкі стан падзівіцца і, як сучка, каля ног яго паласіцца.

МАРЫЛЯ. Скуль ты гэта ўзяў, каб Зося… Зоська… мая дачушка?..

СЫМОН. Так, так Зоська, твая дачушка, а мая сястрычка родная, у двор да паніча бе́гае, уся аколіца аб гэтым як у бубен б’е́. Я ўсё ня ве́рыў, пакуль сам не пераканаўся: заўчора ўсю ноч там прападала. Я відзеў, але маўчаў, бо яшчэ тата быў не пахаваны, не хаце́ў пры нябошчыку аб гэтым новым нашым няшчасьці казаць і калатню падыймаць.

МАРЫЛЯ (жаласьліва). Зоська… мая Зосячка… Вушам ня верыцца. Прыпамінаю: у той дзе́нь, як выкідалі, яна прыбе́гла і казала, што там, ля рэчкі… Ці ж быць можа?… Зоська… Зоська…

СЫМОН. Хэ-хэ-хэ! Крамная скура, размасьленыя вочы, лісьлівае сьлінявае зюзюканьне, бязсорамныя ў кутку пацалункі — вось вам і палопка, у каторую простая дзяўчына валіцца, зрэнкі заплюшчыўшы. Без вялікіх коштаў і торгу мае сабе́ бязчэльны самалюбнік удаволь сьве́жага і здаровага тавару ў нашай цёмнай прастоце. А плаціць за гэты тавар разьбітым шчасьцем, апаганенай славай і паскуднымі хваробамі… Зоська… Зоська… Ці-ж яна ў іх першая, або апошняя?…

ДАНІЛКА. Ты мусіць яшчэ не адпусьціўся на іх за тое, што яны адбілі ў цябе́ тваю Кастусю Дударышку, каторую пасьля таго, як бусел прынёс ёй малое, дык і яны прагналі, і ты прагнаў.