Старонка:Раніца рыкае (1925).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Туляўся выбоямі грэблі
заплаканы променя вырыс.
Апрануты латаным зрэб‘ем,
у хаце мужычай я вырас.

Падслухаў там родныя песьні,
як пелі дажынкамі жнеі.
Сахою я гонейкі песьціў,
кілзаючы сонца у шлеі.

Прастор-сінявокі юнак —
да мяне прытуляўся ў сутоньні;
губляючы зоры ў хмызьняк,
яму сьнілася новае сёньне.

Туман, ацярушаны пытлем,
цадзіў белаватую боязь.
Падпаскам, ганяючы быдла,
я раніцы кланяўся ў пояс.