Перайсці да зместу

Старонка:Радасны будзень (1935).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цікавы кожнаму двару
Ігрышч святочныя забаўкі.
Святліцу дзеўкі прыбяруць,
Пасядуць з хлопцамі на лаўкі.

Танцоры з‘явяцца сюды
І песні скончацца не скора…
Мы ўсе жылі ў свае гады
Агнямі любымі вячорак.

Мы ўсе к суседзям і радні
Збірацца святамі любілі…
Цяпер запаленыя дні
Дыктуюць нам другія былі.

На шлях наш новы клопат лёг…
І ўсё-ж, ў хвіліну шчырых згадак,
Мы помнім родны свой парог
І сноў бярозавую радасць.

Зямля, як волат, дзень і ноч
Заўсёды круціць сваё кола.
Палос сялянскае радно
Ператвараецца наўкола.