Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
ІІ.

Беларускія землі ў XI—XIII в.

І. Утварэньне самастойных зямель-краін.

Тэрыторыя зямель. Полацкая зямля займала значную тэрыторыю, раскінутую ў вадазборы верхняй і сярэдняй З. Дзьвіны і часткай у вадазборы р. Дняпра. Большай часткай тэрыторыя Полацкай зямлі зьяўляецца раўнінай, толькі ў паўднёвай і паўночнай частках перарэзанаю вялікімі ўзгор'ямі. Раўніннасьць тэрыторыі і вялікая колькасьць рэчак спрыялі шырокаму разьвіцьцю калянізацыі ўнутры самой зямлі. З ІХ ст. на тэрыторыі вырасьлі буйныя гарадзкія асяродкі, як-то: Полацк, Віцебск, Рша, Лукомль, Менск, Заслаў’е, Друцк, Копысь, Барысаў, Няміга, Лагожск, Гарадзец. Разам з гэтым калянізацыя накіроўвалася і ў зямлю латышоў па ніжняму берагу З. Дзьвіны, дзе вырас шэраг гарадоў: Гэрцыка, Рэчыца, Куконойс. Уся тэрыторыя краіны была пакрыта лясамі і балотамі. З экономічнага боку, дзякуючы географічнаму палажэньню на гандлёвых шляхох да Бальтыцкага мора, Полацкая зямля складала адно цэлае разам з Смаленскай зямлёй, тэрыторыя якой была раскінута на вышнявінах Волгі, З. Дзьвіны і Дняпра. Географічнае палажэньня тэрыторыі Смаленскай зямлі было вельмі выгодным, бо тут знаходзіўся цэнтр скрыжаваньня гандлёвых шляхаў з поўначы на поўдзень „з вараг у грэкі" і з усходу на захад ад Камскай Баўгарыі да вусьця З. Дзьвіны. Забясьпечаная з усходу Чарнігава-Северскай і Ростава-Суздальскай землямі, Смаленская зямля не падлягала тым нападам, ад якіх так шмат цярпела Кіеўская краіна. Лясы, вазёры, балоты, рэкі і рэчкі ў вялікай колькасьці пакрывалі тэрыторыю Смаленшчыны. Па вялікіх рэках цягнуліся галоўныя гандлёвыя шляхі на поўдзень да Кіева па Дняпры і на захад да вусьця З. Дзьвіны. Глеба ў Смаленскім княстве была няўродліва. У лясох знаходзілася шмат розных зьвяроў: ласёў, вяпрукоў, лісоў, курэй, барсукоў, баброў. З прычыны свайго геогра- фічнага палажэньня Смаленску прыходзілася падтрымліваць самыя цесныя зносіны з Кіевам. Апрача г. Смаленску старажытнага цэнтру, крыху пазьней вырасьлі гарады—Дарагабуж, Тарапец, Белы, Мажайск, Клін, Вязьма. Ужо ў XII ст. у Смаленскай зямлі налічвалася да 25 гарадоў і З0 сёл. К палове XIII ст. іх стала значна болей. Смаленская зямля ў палове XII ст. мела ў сваім складзе ўсю сучасную Смаленскую губэрню, часьці Пскоўскай, Віцебскай, Калускай і Цьвярской. Турава-Пінская краіна займала Прыпяць з яе левымі і правымі прытокамі, і ў вялікай колькасьці была пакрыта лясамі, рэкамі і балотамі. Тураўская зямля знахадзілася на водным гандлёвым шляху па Прыпяці ў Польшчу. Апрача Турава, вядомага з канца Х ст., у працягу ХІ – ХІІІ ст. паявіліся гарады: Пінск, Мозыр, Рагачоў, Небль, Зьдзітаў, Случаск, Чартарыск, Рэчыца, Клечаск, якія сьведчылі аб гаспадарчай культуры краю.