Старонка:Піотуховіч Купала.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На гэтай тэме сялянскай беднасьці поэта спыняецца некалькі раз. Відаць яго гуманнае сэрца асабліва хваравіта адчувала гэтую адвечную крыўду народнага жыцьця.

Пясьняр ня толькі констатуе факты беднасьці, ён ставіць і дыагноз; паказвае прычыны ненормальнага соцыяльнага становішча беларускага селяніна. У дадзеных адносінах часам Янка Купала выяўляе востры аналіз ня столькі поэты, колькі політэкономістага. Ён, напрыклад, маляўніча рысуе нам, як выбіваюць з селяніна дадатковую вартасьць:

Пан за тваю працу
Нібы то й заплаце―
Знай плату з Палацу;
Зьбярэш з ёй багацьця―
За гадзін семнаццаць
Трудоў у дзень нязьменьне
Выйдзе грошай дваццаць
Або й таго меней.

Эксплёатацыя, такім чынам,―галоўная прычына сялянскай беднасьці Адзін за другім перад намі разгарнаюцца малюнкі соцыяльнага ўціску. Вось, напрыклад, верш "Гоніш мяне, панічок"; гэта әмбрыён будучай драмы „Раскіданае гняздо": тут поэта малюе нам, як пан выганяе селяніна з яго сялібы. Верш „Град“ рысуе нам, як пан імкнецца скарыстаць нават няшчасьце селяніна. Ня толькі вобразы эксплёататараў―абшарнікаў зарысоўваюцца тут; перад намі выступаюць іншыя вобразы прыгнятальнікаў вёскі ў старыя часы; пан з гандляроў, ліхвяр, эксплёататар з інтэлігэнцыі, ксёндз, аконам, шляхціц, ― усе гэтыя здані мінулага праходзяць прад намі.

Ува ўмовах эксплуатацыі праца не дае здавальненьня; яна―цяжкая пакута. І вось пясьняр малюе нам жніво. Мы бачым гэтых жней з пагнутымі худымі каркамі. Мы чуем іх смутныя песьні:

Асобна кожную загонам
Нас надзяліў пан дабрадзей.
А над усімі злы аконам
Стаіць, ганяець жаць баржджэй.

Нават думка аб дажынках ня радуе гэтых пакутніц:

Пан справіць гучныя дажынкі,
За пот, кроў, сьлёзы водкі дасьць,
Мы будзем піць, як гора п'ем,
Паноў хваліць
І дружна ім
Скрозь сьлёзы песьню прапяем.

Па мотывах, якія пануюць у "Жалейцы", Янка Купала прыбліжаецца да народнікаў: галоўным об'ектам яго творчасьці зьяўляецца вёска, народ. Але паміж ім і народнікамі ранейшага часу ёсьць значная розьніца.