Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Апроч соцыяльна-клясавых супярэчнасьцяй вёскі, другая тэма першых вершаў Янкі Купалы—Беларусь. Спачатку тут выказваецца сумны погляд на прыроду айчыны. Вядомы гэты мінорны верш Янкі Купалы:

Невясёлая старонка
Наша Беларусь.
Людзі: Янка ды Сымонка,
Птушкі: дразды, гусь.
Поле: горы ды каменьні,
Потам зьліта ўсё,
Сенажаць―адны карэньні,
Сівец, ды куп'ё.

Потым адзін за другім пералічаюцца і іншыя недахопы: благі ўраджай, адсутнасьць садоў, люд убогі, народная цемра. Як вывад усяго, жаласьлівае прызнаньне поэты:

Так ня міла, як магілай,
Неяк выдае.
Беларусь, мая старонка,
Но люблю-ж яе!
Я калі-б з ёй разлучыўся,
Плакаў-б з усіх сіл.

Гэта сузнаньне органічнай сувязі з айчынай параджае ў Янкі Купалы нейкую дысгармонію, дваістасьць у яго адносінах да Беларусі. З аднаго боку, поэта, як мы бачым, накідвае сумны колер на яе прыроду, з другога боку, ён захапляецца поэзіяй яе зялёных садочкаў, фантастыкай народнай творчасьці, мінулым роднага краю, ён сузнае, што Беларусь хавае ў сябе вялікія потэнцыяльныя сілы, у гуках радзімай прыроды чуюцца яму крыкі аб жыцьці краіны:

І вот, як не любіць гэтае поле і бор,
І зялёны садок і крыклівую гусь...
А што часам тут страшна заенча віхор...
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь.

У гэтым соцыяльна-нацыянальным патосе заключаецца творчая домінанта першага зборніку беларускага песьняра. Матывы так званага, "чыстага мастацтва" амаль што зусім адсутнічаюць тут. Нават малюнкі прыроды большаю часткаю ўплятаюцца тут у вершы з соцыяльным зьместам. Восень, напрыклад, гэта толькі той мрачны фон, на якім яшчэ больш рэльефна акрэсьліваецца ўся трагедыя сялянскага жыцьця; навальніца і град—гэтыя стыхійных няшчасьці яшчэ больш выяўляюць эксплуатацыю селяніна панам. Можна сказаць, такім чынам, што прырода, як асобная крыніца натхненьня, не займае выдатнага мейсца ў „Жалейцы".

Больш увагі адводзіцца тут асабістым перажываньням поэты але гэта лірыка індывідуальных думак і эмоцыяў афарбована пераважна ў мрачны колер. Разлад паміж марамі і дзейснасьцю, раньняе расчараваньне ў жыцьці і людзях, дарэмныя парывы да нейкіх сьветлых сноў, нуда, адзіноцтва—вось звычайныя тэмы сумных, меланхолічных перажываньняў поэты. І толькі зрэдку сьветлыя праменьні прарэзваюць гэту густую цемру смутку. На момант поэта адпачывае душой у пяшчотным пачуцьці каханьня, але і сюды, у гэты інтымны куток суб'ектыўных перажываньняў, прасякаюць знадворку дыстармонічныя адчуваньні: жаночыя здрады, зьвязаныя з імі мукі рэўнасьці і асабліва соцыяльна-клясавыя супярэчнасьці разбурваюць і гэтую сьветлую