Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Такім чынам, у Якуба Коласа на яго творчым шляху мы знаходзім істотную зьмену сьветаадчуваньня. У дадзенай галіне можна канстатаваць тры моманты: спачатку сьвет прадстае перад поэтай у жалобнай вопратцы смутку; спачатку гэты сьвет для яго пераважна арэна трагічных супярэчнасьцяй і колізыі; у творчасьці мастака пераважаюць песьні жальбы, у ёй углядаюцца густыя цені пэсымізму; потым ужо мы назіраем змаганьне сьвятла і цені; нарэшце, выяўляецца канчальная перамога сьвятла.

Нам хацелася прасачыць гэту зьмену ценяў і сьвятла ў творчасьці Якуба Коласа па двох матывах. Па-першае, сыстэма сьветаадчуваньня прадстаўляе сабою падставу кожнай сапраўды мастацкай творчасьці; кожны сапраўдны мастак нясе сваю вестку сьвету, і разгадаць сэнс гэтай весткі—галоўная задача крытыка. Па-другое, нават такім аўтарытэтным дасьледчыкам, як акад. Карскі, выказвалася думка аб прымітыўнасьці беларускай літаратуры, аб тым, што яна, нібыта, не зачэплівае складаных агульна-людзкіх проблем. Аналіз сьветаадчуваньня Якуба Коласа прадстаўляе сабою бліскучае абвяржэньне гэтай думкі: мы бачым, што поэзія Якуба Коласа зачэплівае глыбокія пытаньні чалавечага жыцьця.

Але задача дасьледчыка заключаецца ня толькі ў тым, каб канстатаваць пэўныя элемэнты творчасьці,–апроч таго неабходна і растлумачыць гэтыя элементы; патрэбна вобразы мастацтва перавесьці на мову соцыялёгіі, зазначыць соцыялёгічны эквівалент гэтых вобразаў.

Песьні жальбы прадстаўляюць сабою прадукт мрачнай пары ў жыцьці як самога поэты, так і ў жыцьці усёй яго роднай старонкі—Беларусі. Царскі ўрад кінуў Якуба Коласа ў турму; тут складалася большасьць яго першых песень. Пясьняр сядзеў за кратамі, а там, за гэтымі кратамі, была адна агульная турма—турма царскай Расіі, якая душыла усё жывое, прыціснула Беларусь падвойным уціскам—нацыянальным і соцыяльным. На грунце гэтай суровай дзейснасьці ўзьніклі цені пэсымізму ў творчасьці Якуба Коласа. Кастрычнікавая рэволюцыя параджае новыя, бадзёрыя настроі ў поэзіі Якуба Коласа; істотна зьмяняецца ўся сыстэма яго сьветаадчуваньня, цені ўступаюць месца жыватворчаму сьвятлу, Якуб Колас прадстае перад намі ў новай постаці песьняра шчасьця і радасьці.