Старонка:Пялёсткі (1926).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
∗     ∗

І так усё… ўсё праляцела,
Чым сэрца некалі жыло;
І над далінай гэтай белай
Іду, як мёртвы, за сяло!..

Даволі сэрца маладое
Душылі вы ў маіх грудзёх.
Прайшло ў жыцьці ўсё залатое,
Прайшло і зьнікла у трысьцё.

І я пайшоў, дзе ветры ў нівах
Журбу асеньнюю мятуць,
Каб пад напевам палахлівым
Забыць усё і адпачнуць!

А мо‘, дзе сьцелюцца туманы,
З асінай бруднай падружыць,
Каб не пачуць перад сьвітаньнем,
Аб чым пяюць штодня крыжы…