Старонка:Пялёсткі (1926).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
∗     ∗

Пеў пякучыя песьні свае салавей,
Кучаравая ліпа драмала;
На прасторы палёў і жытнёвых завей,
Там, дзе песьня да шчасьця і волі заве,
Маладая дзяўчына сьпявала.

Слухаў я, і ў грудзях векапомнай струной
Пела сэрца пра сьветлую волю.
І хацелася шчасьця й каханьня ізноў,
Каб у гэтым прасторы сівых ячмянёў
Патануць ў цішыні з галавою.

Хай тады яна прыйдзе і скажа: «Кахай
Маладую дзяўчыну прывольля.
Будзе песьні нам пець зачарованы гай,
Будзе слухаць іх месяц і радасны край,
А мы будзем кахацца на полі…»