Старонка:Пялёсткі (1926).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І так ішлі ў трывозе ночы,
Так беглі дні і ўсё жыцьцё,
А я маўчаў, і толькі вочы
Шукалі нешта над трысьцём.

І я ня знаў, што на курганах
Душу мяцежную аддам,
Ўсяму, што з подыхам сьвітаньня
Імкнецца ў радасную даль,

Дзе ёсць другая маладзіца
І гэта песьня для другой —
Я толькі ёй аднэй маліўся,
Адну кахаў сярод лугоў.

Чаго-ж глядзіш так мне у вочы
Скажы, о любая, скажы,
Пад гэты змрок халоднай ночы
Я не магу з табою жыць.

|}