ПРАДМОВА
Выдаючы другі колектыўны зборнік вершаў, (пасьля „Слуцкіх песьняроў“), рэдакцыйна-выдавецкі аддзел ЦБ Маладняка лічыць патрэбным сказаць некалькі слоў.
Гэты — зборнік трох новых маладнякоўцаў зьмяшчае ў сябе чатыры асноўныя тэмы: працоўная Беларусь, прыдушаная Заходняя Беларусь, праца і — тое маладое, тое прыгожае маладое, што залівае душу хвалямі, што ўсплёскамі гэтых хваль зьвяртае думку на сінія вочы, на вясну… Жыцьцё!
Што можна сказаць аб самых творах?
Таварышы першы раз выступаюць са сваімі творамі на суд грамады, на суд рабоча-сялянскай моладзі. Ёсьць у гэтых творах шурпатасьці, ёсьць некаторыя пагрэшнасьці ў адносінах да чыстаты мовы. Але затое ёсьць шчырасьць, ёсьць юнацкая шчырасьць і бясспрэчная таленавітасьць.
Мала таго, ёсьць тое, чаго мы вымагаем ад кожнага новага твору: шляхі на будучыну.
Спынімся на аднэй тэме — горад. Беларусь — у пераважнай большасьці — краіна сялянская.