Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дайсці свайго. А Г’ю любіў багацце лэдзі Юдзіфі, хоць і запэўняў, што любіць яе самую, — але такая ўжо была ў яго манера: гаварыць адно, а думаць другое. Аднак усе яго хітрыкі не прывялі ні да чаго. Яму не ўдалося зачараваць Юдзіф; ён мог ашукаць майго бацьку, але нікога другога. Бацька-ж любіў яго больш як нас усіх і ва ўсім верыў яму: Г’ю быў малодшы сын, і другія ненавідзелі яго, а гэтага ва ўсе часы было досыць, каб пакарыць бацькаўскае сэрца; да таго-ж у яго быў салодкі, ліслівы язык і здзіўляючая здольнасць хлусіць, а гэтыя дзве якасці надзвычайна памагаюць ашукваць сляпую прыхільнасць. Я быў самадур, па праўдзе — нават вялікі самадур, хаця самадурствы мае былі нявінныя, бо нікому не рабілі шкоды, толькі мне аднаму. Я не наклікаў на свой дом ні сораму, ні страты, не заганіў сябе злачынствам або нізасцю і наогул не зрабіў нічога не належнага майму благароднаму стану.

«Аднак мой брат Г’ю ўмеў скарыстаць мае хібы. Бачачы, што брат мой Артур слабога здароўя, і спадзеючыся, што яго смерць пойдзе яму на карысць, калі толькі адхіліць мяне прэч з дарогі, Г’ю…

«Ну, ды гэта даўгая гісторыя, мой добры гасудар, і не варта яе расказваць. Карацей кажучы, малодшы брат вельмі спрытна пералічыў мае недахопы, выставіў іх як злачынствы і ў дадатак да ўсіх гэтых нізасцей знайшоў у маім пакоі шоўкавую лесніцу, ім-жа самім падкінутую, і пры дапамозе гэтай хітрасці і паказанняў падкупленых ім слуг і іншых нягоднікаў пераканаў майго бацьку, што я думаю звезці Юдзіф і ажаніцца з ёю супроць яго волі.

«Бацька рашыў адправіць мяне на тры гады ў выгнанне, кажучы, што гэтыя тры гады, воддалі ад дома і радзімы, можа зробяць з мяне чалавека і воіна і хоць трошкі навучаць розуму. За гэтыя доўгія гады іспыту я ўдзельнічаў у кантынентальных войнах, перацярпеў многа гора і няшчасцяў, перажыў многа прыгод; але ў апошняй бітве я быў узяты ў палон і цэлых сем гадоў таміўся ў турме, на чужыне. Дзякуючы хітрасці і мужнасці я нарэшце вырваўся на волю і паімчаўся прама сюды. Я толькі што прыехаў. У мяне няма прыстойнага адзення, мала грошай і яшчэ менш звестак аб тым, што адбывалася за гэтыя сем гадоў у Гендонскім замку, што сталася з ім і яго жыхарамі. Цяпер, гасудар, з вашага дазволу, вам вядома ўся мая мізэрная аповесць!»

73