просьбу, паколькі гэта залежыць ад мяне, чым пазбавіць сябе святла і радасці вашай прысутнасці, але няхай будзе ваш шлях прамяністым! Хай бароніць вас бог!
Ён усміхнуўся сам сабе і падумаў: «Нездарма ў маіх кнігах я жыў толькі ў кампаніі прынцаў і навучыўся пераймаць іхнія выкручастыя і квяцістыя прамовы!»
Калі прынцэсы вышлі, Том павярнуўся да сваіх апекуноў і сказаў:
— Ці не будзеце вы так ласкавы, мілорды, ці не дазволіце мне адпачыць дзе-небудзь тут у кутку?
— Справа вашай высокасці — загадваць, а наша — слухацца, — адказаў лорд Гертфорд. — Адпачынак вам сапраўды патрэбен, бо хутка вам трэба будзе зрабіць падарожжа ў Сіці.
Ён дакрануўся да званочка; прыбег паж і атрымаў загад запрасіць сэра Вільяма Герберта. Сэр Вільям Герберт зараз-жа з’явіўся і павёў Тома ва ўнутраныя пакоі палаца. Першым рухам Тома было працягнуць руку да чашы з вадой, але аксамітна-шоўкавы прыслужнік зараз-жа схапіў чашу, апусціўся на адно калена і паднёс яе прынцу на залатым блюдзе.
Затым стомлены палоннік сеў і хацеў быў зняць з сябе абутак, нясмела просячы вачыма дазволу; але другі аксамітна-шоўкавы надаедлівы паж паспяшыў апусціцца на калені, каб вызваліць Тома і ад гэтай працы. Том зрабіў яшчэ дзве ці тры спробы абыйсціся без пабочнай дапамогі, але аго кожны раз папераджалі. Ён нарэшце здаўся і з пакорным уздыхам прамармытаў:
— Гора мне, гора! Як гэта яны не возьмуцца яшчэ і дыхаць за мяне!
У туфлях, у раскошным халаце, ён нарэшце прылёг адпачыць, але заснуць не мог: галава яго была надта перапоўнена мыслямі, а пакой — людзьмі. Ён не мог адагнаць мыслей, і яны асталіся пры ім; ён не ўмеў выслаць вон сваіх слуг, і таму яны таксама асталіся пры ім, на вялікую прыкрасць і для Тома і для іх саміх.
Пасля адходу Тома благародныя лорды, яго апекуны, асталіся ўдвух. Некаторы час абодва маўчалі, у раздум’і ківаючы галовамі і расхаджваючы па пакоі. Нарэшце лорд Сент-Джон загаварыў:
— Што ты аб гэтым па шчырасці думаеш?
— Па шчырасці, вось што: каралю асталося нядоўга жыць,