— Ты ўмееш уцяшаць, мілая лэдзі, — з удзячнасцю сказаў Том, — і я ад усёй душы дзякую табе.
Адзін раз свавольніца лэдзі Джэн кінула Тому якуюсьці простую фразу па-грэчаску. Пільная прынцэса Елізавета адразу заўважыла па выразу твара Тома, што выстрал не трапіў у цэль, і спакойна адказала замест яго цэлым залпам гучных грэчаскіх фраз; потым зараз-жа перамяніла гутарку.
Час праходзіў прыемна, і наогул гутарка ішла гладка. Падводныя каменні і мелі сустракаліся радзей, і Том хваляваўся меней, бачачы, як усе стараюцца дапамагчы яму і не заўважаць яго памылак. Калі выяснілася, што прынцэсы павінны суправаджаць яго ўвечары на банкет у лорд-мэра[1], сэрца Тома скаланулася ад радасці, і ён уздыхнуў з палягчэннем, адчуўшы, што ён не будзе адзінокім у натоўпе чужых людзей, хоць гадзіну назад мысль, што прынцэсы паедуць з ім, прывяла-б яго ў вялікі жах.
Лорды, ангелы-ахоўнікі Тома, атрымалі ад гэтай гутаркі менш прыемнасці, як рэшта ўдзельнікаў. Яны адчувалі сябе так, нібы праводзілі вялікі карабль праз небяспечную пратоку: увесь час яны былі напагатове, і іхні абавязак не здаваўся ім дзіцячай забавай. Так што, калі візіт юных лэдзі падышоў да канца і далажылі аб лордзе Гілфордзе Дэдлі, яны адчулі сябе надта стомленымі і ведалі, што цяпер ім будзе нялёгка пусціцца Ў новае небяспечнае плаванне і прывесці свой карабль назад. Таму яны пачціва параілі Тому папрасіць выбачэння і адхіліць наведванне. Том і сам быў гэтаму рады, затое твар лэдзі Джэн крыху пахмурнеў, калі яна пачула, што элегантны малады кавалер не будзе прыняты.
Настала пауза. Усе сціхлі і нібы чакалі чагосьці. Том не разумеў, што гэта значыць. Ён паглядзеў на лорда Гертфорда, той зрабіў яму знак, але ён не зразумеў і гэтага знака. Лэдзі Елізавета са сваёй звычайнай кемлівасцю паспяшыла выручыць яго. Яна зрабіла перад ім глыбокі рэверанс і спытала:
— Ваша вялікасць, брат мой, дазволіце нам адыйсці?
— Вы, мілэдзі, можаце прасіць у мяне ўсё, што хочаце, — сказаў Том, — але я ахвотней выканаў-бы ўсякую іншую вашу
- ↑ Лорд-мэр — гарадскі галава. Па старадаўняму звычаю, гандлёвыя карпарацыі лонданскага Сіці выбіраюць штогод лорд-мэра. 9 лістапада адбываецца ўрачыстае шэствіе новага лорд-мэра і прадстаўнікоў карпарацый у раскошных гістарычных касцюмах па вуліцах Сіці. Шэствіе заканчваецца банкетам у гарадской ратушы.